Мацней за першую ракетку


05.04.09 - 07:44
Метки: wta, виктория азаренко

Вікторыя Азаранка перамагае мацнейшую тэнісітку планеты, вышэй і вышэй узнімаецца ў рэйтынгу, трапляе ў камапнію самых-самых і ставіць перад сабой новыя мэты. Расповяд пра пераможнае выступленне лепшай беларускай тэнісіткі на суперпрэстыжным турніры ў Майамі і яе новыя мэты — на eSport.by.
Вікторыя Азаранка была мацней за першую ракетку свету Серену Уільямс. Фота: Getty ImagesВікторыя Азаранка ўпершыню ў сваёй кар'еры гуляла ў фінале турніра Прэміум-серыі, якім з'яўляецца турнір у Майамі Sony Ericsson Open. Суперніцай 19-гадовай беларускі была 10-разовая пераможца турніраў Вялікага Шлему і пяціразовая гэтага самага турніру першая ракетка свету 27-гадовая Серэна Уільямс.

Балючая згубленая перамога

Інтрыга перад гульнёй была яшчэ і ў тым, што ў гэтым сезоне беларуска мела неааданыя запазычанасці амерыканцы. Пераможнае шэсце беларускі ў гэтым годзе перарвалася ў самы непадыходзячы момант (калі, вядома, у тэнісе можна знайсці момант падыходзячы): на адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі, на піку формы, калі Віка дэманстравала высокаякасны тэніс, кантралявала ход паедынку... Аднак тады гарачае надвор'е выклікала недамаганне. Яно, а не разгубленая ходам гульні Серэна, і адолела Вікторыю на пачатку другога сэта. І пасля пераможнага ў адну касу першага так пакідаць турнір было складаней удвая. Балючая ў псіхалагічным плане параза з няскончанымі лічбамі 6:3, 2:4... Хай и ад будучай пераможцы першага турніра Вялікага Шлему.

Тое нездароўе мела вынікам першую паразу беларускі ў сезоне. Другі раз у 2009-м годзе беларуска прайграла толькі ў паўфінале турніра ў Індыян-Уэллс на мінулым тыдні ад расіянкі Веры Званаровай. Гэта сведчыла пра тое, што форма, якую набрала беларуска, адпавядае найлепшаму ўзроўню. З балансам сустрэч 22:2 і непахісным жаданнем перамагчы падышла беларуска да свайго трэцяга фіналу ў сезоне.

Шлях Азаранкі да фіналу

11-я сеяная беларуска была вольная ў першым крузе. Потым адолела расіянак Анастасію Паўлючэнкаву 6:2, 6:2 і Анну Чакветадзэ 6:1, 6:4, мадзьярку Агнэш Шавай 6:2, 6:4, аўстралійку Саманту Стосур 6:1, 6:0. Паўфінал стаў першым трохсэтавым паедынкам на турніры для беларускі. У ім яна сустракалася з чарговай прадстаўніцай Расіі — Святланай Кузняцовай.

Пасля брэйка і 2:3 напачатку гульні чатыры геймы былі Вікторыяй выйграны запар. Кузняцова змагла аднавіць раўнавагу, тройчы выйграўшы падачу беларускі і аддаўшы толькі адну ў другім сэце. У вырашальным Азаранка мела матч-пойнт пры ліку 5:4, але Кузняцова выратавала спачатку мяч на падачы суперніцы, а потым і гейм, дзякуючы двайной памылцы Вікі. 5:5 — і вельмі складаная сітуацыя: трэба ізноў распачынаць усё спачатку. Але беларуска не дазволіла сабе жаночых слабасцяў, у двух запар геймах была мацней і даказала, што яна на сённяшні дзень — прадстаўнік эліты сусветнага жаночага тэніса.

2 гадзіны 40 хвілін, 6:3, 2:6, 7:5, 7-ая перамога ў кар'еры над тэнісісткай з топ-10, другая ў сезоне (першая — над яшчэ адной расіянкай Дынарай Сафінай на мінулым тыдні ў чвэрцьфінале Індыян-Уэлс) і ў выніку — першы фінал такога калібру!

— Гэта сапраўды цудоўна адчуванне — ведаць, што ўсё над чым я працавала, прыносіць свой плён, — казала Азаранка пасля перамогі над Кузнецовай. — Я проста спрабавала гуляць кожны мяч ад пачатку і да канца. Другі сэт не атрымаўся так добра, але я чаплялася і проста працягвала змагацца за кожны мяч, не звяртаючы ўвагу ні на што іншае.

Новая мэта — першая ракетка

Зараз — пасля другога нумару сусветнага рэйтынгу Сафінай, пераможанай на мінулым тыдні, на чарзе былі першая сеяная, малодшая з сястрычак Уільямс.


— Гэта вялікае дасягненне, таму што гэта першы для мяне фінал у такім вялізным турніры. Гэта найвялікшы момант у маёй кар'еры, — такімі словамі сустракала беларуска надыходзячую сустрэчу з ізноў бліскуча выступаючай Серэнай Уільямс.

Беларуска і амерыканка сустракаліся паміж сабой у трэці раз. Прага рэваншу за недагуляную паразу ў трэцім крузе адкрытага чэмпіянату Аўстарліі і жаданне перамагчы Серэну ўпершыню ў кар'еры чтыаліся ў вачах беларускі. Вікторыя выходзіла на корт у якасці драпежніцы, прагнучай заслужанай здабычы і тытулу лепшай на турніры з агульным прызавым фондам 4,5 мільёны даляраў. Пяціразовая чэмпіёнка (2002-2004, 2007, 2008) турніру ў выглядзе ахвяры — такое ўбачыш нячаста.

Перамога = упэўненасць + агрэсія + сакрушальны фархэнд

Фархэнд беларускі стаў учора галоўнай праблемай для амерыканкі. Але, як і ў сустрэчы тры месяцы назад, ізноў істотную ролю адыграла і здароўе тэнісістак. На гэты раз свой жа арганізм цяжкае выпрабаванне падкінуў для Серэны Уільямс (нібыта вяртаючы беларусцы запазычанасці, узгаданыя вышэй): ладыжка і праблемы з каленам стварылі для той дадатковыя праблемы.

Азаранка такой перавагай скарысталася ўжо на самым пачатку сустрэчы. Брэйк пры ліку 2:1 стаў магчымым і з-за цэлага шэрагу памылак Серэны. Праўда, амерыканка адразу ж аднавіла раўнавагу: фархэнд беларускі аказаўся замоцным — аўт. Два наступных гейма суперніцы бралі свае падачы, а вось сёмы стаў, магчыма, вырашальным у сустрэчы. У ім беларуска мела два брэйк-поінты, а амерыканка двойчы ратавалася. Трэці шанец Серэна падаравала аўтам пасля свайго магутнага фархэнду. Крык незадаволенай сваімі дзеяннямі амерыканкі стаў перадвеснікам яшчэ адной невымушанай памылкі і цэлай серыі пераможных для беларускі геймаў.

Восьмы і дзевяты геймы, у якіх беларуска працягвала атакаваць і дэманстраваць атакуючы тэніс, сталі апошнімі ў сэце. Не ўсё але ж было гэтак лёгка і хутка, як у сказе раней. Лік 6:3 запаліўся на табло толькі пасля выніковай рэалізацыі чацвёртага сэтбола.

Другі сэт не выявіў вялікіх змен у гульні амерыканкі. Яна так жа працягвала пакутаваць ад пашкоджанняў і памыляцца. І не здзівіла, што першы брэйк у сэце стаў вынікам двайной памылкі на падачы амерыканкі (іх у Серэны назбіралася за сустрэчу пяць) у чацвёртым гейме. А выйграны другі гейм у выніку так і стаў для першай ракеткі апошнім паспяховым у сустрэчы.

Крыху панервавацца давялося прыхільнікам Вікі ў апошнім гейме. Ведаючы псіхалогію жаночага тэніса, нават пры 6:3, 5:1 заўсёды трэба быць падрыхтаваным да вельмі нечаканых паваротаў паедынку. На гэты раз усё абышлося спачатку двума невыкарстанымі матчболамі, а потым былі яшчэ і два выратаваныя брэйкпойнты. Трэці матчпойнт быў зароблены пасля няўдалага прыёму падачы Серэнай. Апошні ўдар у гульні ненесла амерыканка: яе длінны за заднюю лінію пляцоўкі бэкхэнд сімвалічна перадаў трафей з рук мінулагодняй пераможцы новай суперзорцы сусветнага тэнісу.

Прыняцце Азаранкі ў лік самых-самых
— Я вельмі ўзрушаная тым, што адбылося зараз, — сказала Азаранка адразу пасля перамогі, прыняўшы празрысты прыз ад вядомай амерыканскай тэнісісткі Мэры-Джо Фернандэс і спонсараў турніру. — Гэта — велізарнейшая перамога ў маёй кар'еры. Я шчаслівая так скончыць гульню, таму што яна станавілася крыху нервовай бліжэй да канцоўкі.
Такім чынам, ва ўзросце 19-ці гадоў і 8-мі месяцаў Вікторыя Азаранка стала шостым чэмпіёнам цінэйджэрскага ўзросту ў гісторыі турніра. Камапнія, у якую патрапіла беларуска, — адны суперзоркі сусветнага тэніса. Амерыканка югаслаўскага паходжання Моніка Селеш (16 гадоў і 4 месяцы, 1990 год), швейцарка Марціна Хінгіс (16 гадоў 6 месяцаў, 1997), немка Штэфі Граф (17 гадоў 8 месяцаў, 1987), амерыканка Венус Уільямс (17 гадоў 9 месяцаў 1998) і аргентынка Габрыэла Сабаціні (18 гадоў 10 месяцаў, 1989) — тэнісісткі, якія выйгравалі турнір да беларускі, а потым пісалі гісторыю сучаснага тэніса.

Поспех Азаранкі ўзняў яе на 8-е месца ў сусветным топ-лісце, які будзе апублікаваны ў панядзелак. Нагадаем, што распачала сезон беларуска 16-й, але тры тытулы і паўфінал прэстыжнага спаборніцтва ў Індыян-Уэлс зрабілі сваю справу.

Калі адолена лепшая, мэта - стаць лепшай самой

Гэтая перамога стала галоўнай у кар'еры Вікторыі Азаранкі. Пакуль. Прычым, гледзячы на сённяшнюю форму беларускі і той агрэсіўны і сілавы тэніс, што яна дэманструе, можна быць упэўненым у тым, што адолены нашай Вікай будуць і новыя як калятэнісныя вышыні (чарга магчымых спонсараў, напэўна, імкліва узрастае ў гэтыя моманты), так і спартыўныя.

Беларуска толькі ўпэўнівае ў гэтых думках:
 
— Мая мэта — стаць першай тэнісісткай свету. Гэта тое, для чаго я гуляю ў тэніс. Думаю, што мэта кожнага спарцмена — стаць нумарам адзін. Я не кажу, што гэта абавязкова атрымаецца, але я зраблю ўсё, што змагу і што залежыць ад мяне.
 
Правообладатель: eSport.By

Читайте также


3Комментарии


Ответить | Цитировать | Cсылка Гость: citizenofborisov 05.04.09 - 10:42

Сапраўды , гонар Беларусi , як напiсалi на сайце Еўраспорта!

Ответить | Цитировать | Cсылка Пользователь: ser 05.04.09 - 13:57

В перед к первой строчке мирового рейтинга!!!

Ответить | Цитировать | Cсылка Гость: Юрий Н. 09.04.09 - 04:56

Вперед, Вика! Мы верим в тебя!

Добавить комментарий

  • Войдите или зарегистрируйтесь, чтобы комментировать было удобнее!

Последние материалы по этой тематике


Wap

Популярное